Пахаванне падчас эпідэміі: каля труны будуць толькі тры чалавекі



1 красавіка пад Віцебскам пахаваюць першага памерлага, у якога была афіцыйна пацверджана наяўнасць каронавіруса.

Гэта 75-гадовы акцёр Віцебскага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, заслужаны артыст Беларусі Віктар Дашкевіч, які  памёр у лякарні ўночы з 30 на 31 сакавіка. Тэст на наяўнасць каронавіруса паказаў станоўчы вынік  за некалькі дзён да смерці. У пасведчанні аб смерці Віктара Дашкевіча – толькі шыфр з лацінскіх лічбаў і літар. 

Дачка памерлага Вікторыя Дашкевіч распавяла пра дыягназ у даведцы з лякарні:

– Напісана “неўдакладненая пнеўманія”. Нас папрасілі абмежаваць кантакты, мама і так на строгім каранціне, бо яны ж жылі разам. А мяне прасілі перайсці на аддаленую працу. Тату будзем забіраць у моргу, труну закрыюць, на могілках ніхто не будзе развітвацца. І папрасілі, каб там была мінімальная колькасць людзей.

Як патлумачылі спадарыні Вікторыі, труну і цела нябожчыка апрацуюць антысэптычнымі  сродкамі. На пахаванне не трапіць малодшая дачка памерлага, якая жыве ў Расеі. Сваякі больш далёкія, разумеючы сітуацыю, развітацца з Віктарам Дашкевічам не прыедуць таксама. Не будзе і ўрачыстага развітання ў тэатры, дзе існуе традыцыя на некалькі гадзінаў пакідаць труну з памерлым артыстам на сцэне і праводзіць нябожчыка ў лепшы свет воплескамі.

Як стала вядома журналістам тэлеканала “Белсат”, 30-га сакавіка ў Віцебску сканала яшчэ адна жанчына, у якой тэст паказаў наяўнасць каронавіруса. Але пра гэты выпадак у афіцыйных СМІ не  паведамілі. Затое напярэдадні вечарам намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя  Віцебскага аблвыканкама Людміла Кавалёва заявіла, што крыніцай  заражэння акцёра Віктара Дашкевіча мог стаць расейскі рэжысер Дольнікаў. 18 сакавіка ён прыязджаў у віцебскі тэатр, але ніякіх кепскіх навінаў пра стан расейскага дзеяча культуры ў інтэрнэце няма.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск

Фотаздымкі з архіва Вікторыі Дашкевіч