Палескае сяло ў Рэчы Паспалітай



У 1761 годзе пачалося састаўленне інвентара ўладанняў графскага роду Бжастоўскіх у Пінскім павеце. Праз год перапіс быў гатовы і цяпер прадстаўляе сабой унікальны гістарычны дакумент. Дзякуючы артэфакту даведаемся папулярныя імёны, працоўныя павіннасці і сацыяльныя гарантыі, якія існавалі на Піншчыне больш за 250 гадоў таму.

Асаблівую цікавасць выклікаюць Пінкавічы, што ў двух кіламетрах на ўсход ад Пінска. Даецца не толькі падрабязнае апісанне сялянскіх сем’яў з іх абавязкамі перад землеўладальнікам, але і апісваецца сельская мясцовасць, маёмасць, жыўнасць. Вядома, гэта ўсё перапісвалася далёка не з мэтай навуковага даследавання, а выключна з прагматычных меркаванняў – для ацэнкі, разліку магчымасцяў дзялянкі. У нашы дні, зрабіўшы аналіз інвентара, пазнаёмімся з побытам палешукоў у канкрэтным мястэчку.

Pinkaviczy1

Пінкавічы з боку Піны, 1934 год, Луіза Арнер Бойд.

Погляд у мінулае Пінкавіч

Вырваць адзін год з гісторыі не правільна. Для поўнасці карціны і лепшага разумення, варта хоць агульна пазнаёміцца з мінулым вёскі. Тым больш Пінкавічы чацвёрты па велічыні сельскі населены пункт Берасцейшчыны. Дарэчы, забягаючы наперад, хочацца адзначыць, што і тады Пінкавічы з’яўляліся буйной кропкай Пінскага павета.

Першым згадваннем памылкова лічыцца 1528 год, такая дата «дня нараджэння» сустракаецца на старонках кнігі «Памяць. Пінскі раён». У 1499 годзе Пінкавічы фігуруюць у заканадаўчых актах, як зямля манаскага каталіцкага ордэна францысканцаў. Можна ўпэўнена сказаць, што вёска яшчэ старэйшая, бо паселішча не ўзнікае імгненна ў адзін год. Больш ста год мяняліся ўладальнікі: князі Курцэвічы, Сапегі, шляхціч Ельскі, граф Бжастоўскі і нарэшце легендарны род Скірмунтаў. Мяняліся і дзяржавы: Пінскае княства ў складзе Вялікага княства Літоўскага, Пінскі павет у польска-літоўскай федэрацыі Рэч Паспалітая, Пінскі павет у Расейскай імперыі, зноў Пінскі павет у міжваеннай Польшчы і нарэшце Пінскі раён у незалежнай Беларусі.

Pinkaviczy2

Каровы плывуць па Піне, 1934 год, Луіза Арнер Бойд.

Гісторык Міхаіл Ткачоў пісаў, што 25 верасня 1655 года, пад час вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскім царствам, у Пінкавічах высадзіўся водны дэсант атрада царскага ваяводы Дзмітрыя Валконскага. Адсюль штурмавалі Пінск, які нападнікі разрабавалі, але не скарылі. Таксама ў Пінкавічах у 1648 годзе адбыўся апошні бой адыходзячых з Пінска казакоў Багдана Хмяльніцкага, кіраваў атрадам Антон Нябаба. Не адно вогненнае кола вайны пракацілася праз сяло знішчаючы жыццё. Патапталіся тут і шведы з французамі і нацысты.

З крыніц вынікае – у 1830 годзе на беразе Піны загучалі званы царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Але як быць з тым, што храму яшчэ ў 1806 годзе мясцовыя жыхары падарылі вялікі абраз «Уздзвіжанне Святога Крыжа»? Значыць святыня відавочна старэй афіцыйна прызнанай даты пабудовы. На жаль, у гады атэістычных ганенняў, страчана невялікая царкава Святога Іллі. Яе з’яўленне датуюць другой паловай ХІХ-га стагоддзя, г.зн. 1870-80 гады.

Pinkaviczy3

Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы, малюнак 1926 год, Язэп Драздовіч.

Завяршаючы гістарычную хроніку, нельга пакінуць па-за ўвагай імёны, якія праславілі Пінкавічы. У 1904-06 гадах тут настаўнічаў Якуб Колас, у 1926 годзе вядомы беларускі мастак Язэп Драздовіч замаляваў пінкавіцкія святыні, а ў 1934 годзе жыццё вёскі ў фотаздымках увекавечыла легендарная амерыканская вандроўніца Луіза Арнер Бойд. Краязнаўца, педагог Іван Калоша стварыў літаратурна-краязнаўчы музей Якуба Коласа. Яго вучаніца, ураджэнка Пінкавіч, літаратуразнаўца Любоў Тарасюк напісала звыш 200 навукова-метадычных работ па нацыянальнай адукацыі і культуры.

Pinkaviczy4

Любоў Тарасюк (1953-2006), Іван Калоша (1929-2010), Язэп Драздовіч (1888-1954).

Насельніцтва, як у прыгарадзе Берліна

Станам на 1762 год у Пінкавічах налічвалася 117 дамоў у якіх пражывала каля 700 сялян. Ваганне ў колькасці насельніцтва абумоўлена тым, што ў інвентар не ўпісваліся старыя і пінкаўцы, якія працавалі па-за межамі вёскі. Гэта проста было не трэба землеўладальнікам, бо людзі сталага ўзросту вызваляліся ад павіннасцяў, аналагічная сітуацыя і з сялянам, якія знаходзяцца на «дзяржаўнай» службе. Проста паказвалася, што ў сям’і ёсць вольныя асобы. Для параўнання: у Пінску на той перыяд пражывала ад 3 да 4 тысяч гараджан. Не варта забываць, што ў цэлым насельніцтва Беларусі катастрафічна скарацілася з-за бясконцых войнаў і паўстанняў. Дарэчы ў тыя часы ў Берліне было 90 тысяч жыхароў, а ў прыгарадных вёсках каля 1 тысячы сялян.

Pinkaviczy5

Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы, 1934 год, Луіза Арнер Бойд.

Чатырох капытны мерседэс

Цяпер конь успрымаецца, як жывёла для працы, памочнік у сельскай гаспадарцы, а вось два стагоддзі таму лічылі інакш. Для працы на зямлі выкарыстоўвалі валоў, коні ж служылі ў якасці сродка перасоўвання. Такіх «аўтамабіляў» у Пінкавічах, паводле перапісу 1762 года, было 17 галоў і 131 вол.

Pinkaviczy6

Пінкавічы, саламяная адрына для захоўвання розных прылад, 1934 год, Луіза Арнер Бойд.

Папулярныя імёны і прозвішчы

ТОР-5 мужчынскіх імёнаў: Грыц, Захар, Максім, Іван, Сэмэн, але дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што не асабліва адставалі: Лэвко, Пятрук, Ігнат, Олекса, Даніла. Некаторыя сучасныя імёны гучалі наступным чынам: Мыхалко, Кырылко, Хвэдор. У перапісе таксама сустракаюцца Андрэі, Дзянісы і Васілі.

ТОР-5 жаночых імёнаў: Матруна, Наталля, Ганна, Яўдоцця, Таццяна, а вось рэдкія імёны прыгажунь: Ульяна, Оксюта, Парасія, Марыха, Юхымка.

Прозвішчаў вялікая колькасць, таму прыйшлося скласці ТОР-10: Лой, Сняжко, Капко, Козіч, Каль, Хіхлюк, Бязручка, Кароль, Скрыбель, Матвійчук. Важна, што некаторыя прозвішчы мелі іншае напісанне, чым у нашыя дні. Тлумачыцца гэта, як элементарнай памылкай, бо запісваліся на слых, так і зменамі ў самой мове.

Pinkaviczy7

На ўсход ад Пінска будуюцца “новыя” Пінкавічы, 1934 год, Луіза Арнер Бойд.

Жанчынам і інвалідам – ільготы

Мужчыны павінны былі 197 дзён у годзе адпрацаваць на землеўладальніка. У асноўным гэта праца ў полі. Жанчынам паслабленне – 103 дня, а сем’ям, дзе ёсць інваліды ці ўдава вядзе самастойна гаспадарку –  ільготы пры зборы падаткаў або ў працы. Праца на «гаспадара» залежала ад умоў надвор’я. Усе астатнія дні селянін траціў на свае патрэбы. Датычна падаткаў, то яны браліся жывым таварам і вось што цікава, да прыкладу, гусей, курэй, качак лічылі дзесяткамі. Можна ўявіць, якая іх была колькасць у вёсцы! Роўна так і яйкі лічылі дзесяткамі. У пэўны дзень, некалькі разоў на год, селянін здаваў зборшчыку падаткаў вызначаную колькасць.

Хаты сялян размяшчаліся ўздоўж ракі, побач з імі іх надзелы. Затым бегла дарога за якой ужо «гаспадарскае» поле. Цікава, што плот быў «жывы» –  вакол высаджваліся дрэвы – дубы, ліпы. Кожная сям’я мела свой участак за якім сачыла і адказвала перад уладальнікам. Акрамя гэтага, на беразе Піны, за царквой размяшчаўся «панскі садок». Для аховы і дагляду складаўся графік, дзяжурства неслі па чарзе.

У інвентары жанчын падпісваюць «бялаглуўкамі». Пэўна па прычыне нашэння традыцыйнага галаўнога ўбору. У Польшчы «бялоглуўкамі» назывуць птушак, галубоў, чые галоўкі, ў адрозненні ад астатняй часткі цела, выключна белыя.

Pinkaviczy8

Пінкавічы, сялянскі двор, 1934 год, Луіза Арнер Бойд.

Карчма – асаблівы гонар сяла

Асобна ў інвентары выдзелена карчма, арандатарам якой быў прадстаўнік вядомай усім нацыі, так у нас было не адное стагоддзе. У Рэчы Паспалітай, словам, як і ў Вялікім княстве Літоўскім, распаўсюджанымі месцамі грамадскага харчавання з’яўляліся шынкі і карчмы – пабудова, дзе падарожнік мог падсілкавацца і заночыць. Яны будавалася на гандлёвых плошчах гарадоў, у некаторых вёсках і фальварках, на гандлёвых шляхах, каля рачных перапраў і прыстаняў. Як раз праз Пінкавічы праходзіў тракт, па апісанні, дарога не змянілася.

Пінкавіцкая карчма, па тых мерках, была вялікай піцейнай кропкай. Для вандроўнікаў –добраўпарадкавана два пакоі пад адпачынак, для коней – хлеў, абнесены плотам, з масіўнымі драўлянымі варотамі, каб не ўкралі транспарт. У самой карчме было чатыры акны, дзве печы –  адна для выпечкі хлеба, а другая для падрыхтоўкі іншых страў. Піва варылі на месцы, меўся бровар.

Разлік вёўся не толькі грашыма. Асабліва пінкаўцы, калі і завітвалі, то прыносілі яечка, збожжа, мукі або адпрацоўвалі на карчмара. Галоўнае дух застолля. Як тут не ўзгадаць словы з песні «у карчме калі мы былі, справы нас не клапацілі» або яшчэ ў тэму «ён быў і за сталом шчаслівы і пад сталом».

Здаецца, просты бюракратычны дакумент сярэдзіны XVIII-га стагоддзя, калі Рэч Паспалітая ўжо перажывала не лепшы час. Праз 30 гадоў яе не стане і Пінскі павет пяройдзе ў склад Расейскай імперыі. Жыццё працягнецца, але дзякуючы такім артэфактам, мы, сучаснікі, можам здзяйсняць «падарожжа» ў часе і не трэба ніякая машына…

Pinkaviczy9

Інвентар графскага рода Бжастоўскіх, 1762 год, па якім ствараўся гэта артыкул.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя