Палескі дзяржуніверсітэт перайшоў на безлекцыйнае навучанне
Палескі дзяржаўны ўніверсітэт, што ў Пінску, з-за каронавіруса перайшоў на безлекцыйнае навучанне, але лабараторныя і семінарскія заняткі працягваюцца. У сярэдніх навучальных установах Пінска ўведзены прафілактычныя меры ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі.
“Перш за ўсё, узмоцненыя так званыя санітарныя фільтры”, – распавяла настаўніца Таццяна Кубрак:
– Традыцыйна ў нас ёсць вільготная ўборка некалькі разоў на дзень, як у дзіцячых садках, так і ў школах. Зараз гэтыя мерапрыемствы ўзмоцненыя. Мы абціраем дэзінфіцыруючымі сродкамі ўсе паверхні, уключаючы дзвярныя ручкі, падваконнікі. Узмоцнены рэжым праветрывання. Ёсць інфармацыя, як правільна памыць рукі, як надзець маску, як сябе весці, калі побач нехта чхае ці кашляе.
Акрамя таго, па словах настаўніцы, штодня класныя кіраўнікі праглядаюць сваіх дзяцей, ладзяцца санітарныя пяціхвілінкі і пад асаблівай увагай санітарная бяспека ў школьных сталоўках. Дарэчы, у некаторых раёнах краіны ўжо ўводзіцца рэжым вольнага наведвання школ – па рашэнні бацькоў.
Беларускае Радыё Рацыя, Пінск
Фота z4.by