Палескі шпацыр слядамі Касцюшкі
У Пінску і ваколіцах адбудзецца вандроўка па мясцінах, звязаных з Тадэвушам Касцюшкам. Гістарычны шпацыр прымеркаваны да 270-годдзя нацыянальнага героя Польшчы, Беларусі і ЗША.
Адметна, што ў самім Пінску ёсць вуліца Касцюшкі, а таксама захаваліся ўзгадкі пра ягоных сваякоў і паплечнікаў, што родам з былога Пінскага павета. Асноўная ўвага будзе прысвечана сённяшняй вуліцы Леніна, якая знаходзіцца ў самым цэнтры старога Пінска. Яна да 1939 года была вуліцай Тадэвуша Касцюшкі, кажа гісторык-краязнаўца Эдвард Злобін:
– Акрамя таго, што ў сучасным горадзе, у цалкам новым мікрараёне, ёсць вуліца імя Касцюшкі, варта ўзгадаць, што і да вайны цэнтральная вуліца горада, якая зараз носіць імя Леніна, раней насіла імя Касцюшкі. У старым Пінскім павеце было пасяленне, населены пункт Касцюшковічы. Родам з Пінска і вядомы яго паплечнік Юзэф Копец.
Краязнаўца прыгадвае, што ў першыя гады незалежнасці Беларусі дэпутаты Пінскага гарадскога савета дэпутатаў ад дэмакратычнага блока намагаліся вярнуць даваенныя назвы вуліц, тым самым змяніць вуліцу Леніна на Касцюшкі, але рэалізаваць задуму не ўдалося. Таму дэпутаты знайшлі кампраміс – надалі імя героя новай вуліцы. Дарэчы, яна працягвае пашырацца і набывае большае значэнне.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск