Паліклініка ў Зэльве будуецца столькі гадоў, колькі Лукашэнка ва ўладзе
Каля Зэльвенскай раённай бальніцы шмат гадоў стаіць недабудаваны гмах. Прыгожы будынак даўно ўжо павінен быў радаваць зэльвенцаў. Бо ў ім планавалася адкрыць Зэльвенскую раённую паліклініку.
Калі пачалося будаўніцтва, людзі з радасцю чакалі ў гарадскім пасёлку новы вельмі неабходны аб’ект. Але праходзілі год, два, дзесяць, пятнаццаць… Раённая паліклініка так і стаіць недабудаваная. І хто толькі не абяцаў зэльвенцам завяршыць яе будаўніцтва: і прызначаныя старшыні райвыканкамаў, і аблвыканкамаў, і з Менску начальнікі, і дэпутаты розных скліканняў… Толькі былі абяцанкі-цацанкі і больш нічога.
Усе ў Зэльве ведаюць гэты доўгабуд. На пытанне, колькі гадоў ён будуецца, мужчыны каля рынку сказалі, што, мусіць, столькі, колькі Лукашэнка ва ўладзе. А адна жанчына прызналася, што яе сыну 25 гадоў, вось столькі і будуецца ў Зэльве паліклініка. Маладыя людзі ў цэнты пасёлка выказалі незадавальненне тым, што розныя спартыўныя залы Лукашэнка ў Менску будуе за два-тры гады, а будаўніцтва нашай паліклінікі не могуць завяршыць за чвэрць стагоддзя.
Так і стаіць гэты доўгабуд да сённяшніх дзён. І калі раённая паліклініка ў Зэльве адчыніць дзверы для людзей – ніхто не ведае.
Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва
Фота аўтара