Паліна Шарэнда-Панасюк і Сяргей Ляжэнка сустрэнуць Дні народзінаў за кратамі



Палітвязні з Берасцейшчыны Сяргей Ляжэнка і Паліна Шарэнда-Панасюк у бліжэйшыя дні, 19 і 21 сакавіка, сустрэнуць свае Дні народзінаў за кратамі. Падтрымаць іх можна паштоўкамі ці замоўнымі лістамі.

Палітвязень Сяргей Ляжэнка адзначыць свой Дзень нараджэння 19 сакавіка. Сяргей абвінавачваецца па частцы 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь „Удзел у масавых беспарадках”. Ён асуджаны да 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. З’яўляецца фігурантам „пінскай правы”, звязанай з падзеямі жніўня 2020 года. Знаходзіцца ў папраўчай калоніі №15.

Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк сустрэне свой Дзень народзінаў 21 сакавіка. Яна праходзіць абвінавачваемай па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса – „Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў”, „Абраза прадстаўніка ўлады”, „Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” і „Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”. Паліне прысудзілі 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Напісаць Паліне можна ў папраўчую калонію №24.

Беларускае Радыё Рацыя