Паліна Шарэнда-Панасюк пераведзена ў статус падазраваемай



Актывістка “Еўрапейскай Беларусі” Паліна Шарэнда-Панасюк з Берасця пераведзена са статуса сведкі ў статус падазраваемай па справе вывешанага  ў Берасці банера з надпісам: “Лукашенко, ты урод! Хватит грабить наш народ!”.

Гэты перавод грунтаваўся на паказаннях сведкі – нейкага Ігара Леанюка, які дрэнна арыентаваўся, на якой вуліцы ён знаходзіўся, на якім прыпынку, але Паліну дакладна пазнаў, бо мае фатаграфічную памяць. На апазнанні актывістку пасадзілі з дзвюмя дзяўчынамі – фарбаванымі бландынкамі з доўгімі валасамі, каб, так бы мовіць, сведка не памыліўся , кажа Паліна Шарэнда-Панасюк:

– Гэтая справа сфабрыкавана. Яна ідзе ў адным рэчышчы з ціскам на актывістаў “Еўрапейскай Беларусі”. Можна меркаваць, што ўлады распрацавалі аперацыю па нейтралізацыі актывістаў, лідараў пратэстных рухаў у чаканні восені 2017 года.

Паводле Паліны Шарэнды-Панасюк, сілавікі шукаюць розныя зачэпкі, каб актывістаў да восені нейтралізаваць. Паліна адмовілася сведчыць супраць сябе па гэтай замоўнай палітычнай справе.

Нагадаем, што ў лютым па антылукашэнкаўскім банеры была заведзена адміністрацыйная справа. Затым яна была перакваліфікавана ў крымінальную. Лінгвістычная экспертыза ўстанавіла, што надпіс носіць цынічны, абражальны характар у адрас кіраўніка дзяржавы.

Беларускае Радыё Рацыя