Паліна Шарэнда-Панасюк: Трэба ўсім змагацца далей, інакш пакуты палітзняволеных будуць дарэмнымі



Фотаздымкі дзяцей палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк парэзалі разам з лістом.

Апошнія паўтара месяца перапіска з роднымі Паліне                                                                                                                                                         Шарэндзе-Панасюк была забаронена. Ні ад яе, ні да яе лістоў не было. Таму родныя вельмі хваляваліся, дзе яна і што з ёю, кажа муж Паліны Андрэй Шарэнда:

– Увесь гэты час Паліна пісала лісты, і нам, і сябрам і знаёмым. Але гэтыя лісты проста не прапускала цэнзура. Тое самае і мы пісалі ёй лісты, але ні адзін не прайшоў. Не прайшлі нават тыя лісты, дзе былі фотаздымкі дзяцей. Мы хацелі зараз скарыстацца магчымасцю паслаблення ўмоваў утрымання Паліны і даслаць хоць мінімальную колькасць фотаздымкаў. Яна не бачыла дзяцей ужо  тры гады амаль.

Пад час сустрэчы з маці пасля паўтара месяца невядомасці, палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк перадала падзяку ўсім, хто падтрымаў яе на працягу трох месяцаў знаходжання ў Гомельскім СІЗА. Гэта прыдало фізічна знясіленай Паліне моцы, кажа яе муж Андрэй Шарэнда:

– За 3 месяцы Паліна  атрымала больш за 100 грашовых пераводаў. А таксама для яе прыйшло больш за 50 пасылак з розных гарадоў. Гэта каласальная падтрымка, якую бачаць не толькі тыя, хто з ёй сядзіць, простыя зняволеныя, але гэта бачыць і адміністрацыя СІЗА, якая вымушаная была ставіцца да Паліны па-іншаму. Яны разумелі, што да яе ёсць вялікая ўвага і займацца бязмежжам у гэты час не маглі.

Паводле Андрэя Шарэнды, Паліна перадала таксама, што трэба ўсім, хто на волі, змагацца далей. Інакш пакуты палітзняволеных будуць дарэмнымі.

Прыемна паведаміць, што  Паліна Шарэнда-Панасюк стала фіналісткай Прэміі праваабарончай супольнасці ў новай намінацыі «Праваабарончая салідарнасць года – 2023». 

Нагадаем, што грамадская актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца ў няволі з 3 студзеня 2021 года.

15 снежня адбудзецца апеляцыйны суд. І пакуль да суда Паліна ў СІЗА, яе можна падтрымаць усё так жа грашовымі пераводамі і бандэролямі.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя