Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца за кратамі



Пра гэта паведаміў ейны муж, берасцейскі грамадскі актывіст Андрэй Шарэнда, які толькі выйшаў з шасцісуткавага знаходжання ў ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Берасця.

Андрэй Шарэнда перад днём свайго вызвалення чуў як у суседнюю камеру дастаўлялі ягоную жонку:

 – Калі вызваліўся, то даведаўся, што ў нядзелю ўвечары прыехаў АМАП, прыехалі следчыя, прыехала міліцыя. Усяго 12 чалавек. Яны выламалі ў маёй хаце дзверы. У гэты час у мяне дзеці былі дома. Быў вобшук па нейкай крымінальнай справе, па невядома якім факце. І пасля гэтага ператрусу была затрыманая мая жонка. Яна зараз знаходзіцца на ІЧУ. Хутчэй за ўсё заведзена крымінальная справа. Але на дадзены момант яна ўтрымліваецца ў рамках нейкай адміністрацыйнай справы. Будзем даведвацца. Пакуль нічога невядома.

Андрэй Шарэнда, які разам з жонкай гадуе непаўналетніх дзяцей, быў здзіўлены таму што пад час вобшуку былі выбіты дзверы. «Сын у гэты час знаходзіўся дома», – кажа ён. Падрабязней даведацца пра акалічнасці ператрусу можна на Facebook-старонцы актывіста. Там жа апублікаваны і разліковы рахунак для тых, хто жадае фінансава падтрымаць сям’ю.

Беларускае Радыё Рацыя