Паліне Шарэндзе-Панасюк абвешчана папярэджанне ад камісіі па справах непаўнагадовых (абноўлена)



У адміністрацыі Маскоўскага раёна Берасця завяршылася паседжанне камісіі па справах непаўнагадовых, куды запрасілі мясцовую актывістку і маці — Паліну Шарэнду-Панасюк. У ейны склад увайшоў шэраг прадстаўнікоў дзяржаўных установаў і органаў.

Само рашэнне агучыла намесніца старшыні згаданай камісіі Валянціна Зданевіч, паводле інфармацыі, якая паступіла ад РАУС Ленінскага раёна Берасця:

– Інфармацыя, якая паступіла ў камісію, гаворыць пра тое, што вы былі на несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і з вамі было непаўнагадовае дзіця. Знаходжанне дзяцей на такіх мерапрыемствах нясе непасрэдную пагрозу іх жыццю і здароўю. Калі ў нас праходзяць масавыя санкцыянаваныя мерапрыемствы, вядзецца ахова грамадскага парадку, знаходзяцца карэты хуткай дапамогі. Калі гэта несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, не забяспечваецца ахова грамадскага парадку. Мы разглядаем гэтую інфармацыю і папярэджваем вас пра тое, што дзеці мусяць знаходзіцца ў бяспечных умовах. Таму мы вас папярэджваем.

Паліна Шарэнда-Панасюк расцэньвае гэтую сітуацыю як «палітычна матываваны ціск», як і мясцовая праваабарончая супольнасць.

Актывістка так пракаментавала рашэнне камісіі для тых, хто прыйшоў яе падтрымаць:

– Вы пабывалі на гэтым цырку на дроце, вы пабачылі блазанаў. Вы пабачылі іх пазіцыю, як яны трактуюць народ. Сапраўды, хутка нельга будзе з дзіцём выйсці ў кавярню, краму, на вуліцу, бо побач можа быць мітынг. Любы збор людзей – несанкцыянаваны. Таму пасыл такі – сядзіце з дзецьмі дома, нікуды не лезце.

Гэта не першы падобны выпадак у Беларусі, звязаны з бацькамі — удзельнікамі акцыяў пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.

***

Берасцейцы выказалі салідарнасць з актывісткай і маці Палінай Шарэндай-Панасюк. Каля 40 чалавек прыйшлі падрымаць яе на паседжанні камісіі па справах непаўнагадовых:

– Акцыі салідарнасці ці ўвогуле ў нядзелю выходзілі прагуляцца па сваім горадзе, і хто-небудзь даведаўся пра гэты момант, і даносяць пасля ў школу ці ў іншыя ўстановы адукацыі, што бацькі прымалі ўдзел у мірных публічных акцыях. І праз установы адукацыі даносяць да адказных структураў, якія займаюцца апекай, і выклікаюць бацькоў на такія камісіі.

– Зараз яны не выбіраюць сродкі. Не важна – праз дзяцей, праз бацькоў, абы напалохаць. Нават такая невялікая колькасць людзей усё роўна раздражняе, бо яны выглядваюць з вокнаў і страх у іх у вачах, а не ў нас.

Пасля завяршэння паседжання камісіі Паліна Шарэнда-Панасюк падзякавала прысутных за падтрымку.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце