Паліне Шарэндзе-Панасюк выстаўленае абвінавачанне
Брэсцкай актывістцы грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Паліне Шарэндзе-Панасюк 12 студзеня выстаўленае абвінавачанне, паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк.
Паводле яго слоў, актывістцы ставяць у віну гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі (арт. 364 Крымінальнага кодэкса, максімальнае пакаранне — да шасці гадоў пазбаўлення волі).
Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня падчас санкцыянаванага пракурорам Брэста агляду кватэры, дзе жыве яе сям’я: муж Андрэй, таксама актывіст „Еўрапейскай Беларусі”, і двое іх малалетніх дзяцей.
Актывістку змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС, 6 студзеня перавялі ў СІЗА № 7 Брэста.
„Ад сваякоў Паліны вядома, што яна адмаўляецца ад дачы паказанняў і заяўляе, што гэта палітычная справа, — адзначыў праваабаронца. — Актывістка застаецца пад вартай. Трымаць у СІЗА маці дзяцей, якім 4 гады і 11 гадоў, жорстка. Відавочна, такая мера стрымання абраная для таго, каб зрабіць націск на Паліну і яе мужа, каб яны адмовіліся ад выказвання сваіх поглядаў. Папросту ім хочуць закрыць раты”.
Увечары 29 снежня каля пад’езда свайго дома быў затрыманы Андрэй Шарэнда. Падставай для затрымання з наступным змяшчэннем у ІЧУ стаў бел-чырвона-белы сцяг на балконе кватэры, дзе жыве актывіст. 1 студзеня за гэта правапарушэнне Шарэнду было вынесенае папярэджанне. З ІЧУ яго не выпусцілі і затрымалі за ўдзел у акцыі 8 лістапада ў Мінску.
4 студзеня Шарэнду даставілі ў суд Маскоўскага раёна Брэста, які пачаў разглядаць адміністрацыйную справу. Шарэнда заявіў хадайніцтва аб азнаямленні з матэрыяламі справы і даванні адваката. Яны былі задаволеныя. Наступнае пасяджэнне было прызначанае на 6 студзеня. Шарэнду вызвалілі з-пад варты.
6 студзеня суд прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу года) і прызначыў пакаранне ў выглядзе 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
На судовае пасяджэнне актывіст не прыйшоў з-за хваробы, яго інтарэсы прадстаўляў адвакат.
Раней Андрэя Шарэнду неаднаразова судзілі за ўдзел у акцыях прыхільнікаў перамен і прыгаворвалі да адміністрацыйнага арышту.
Фота: udf.by