Паліну Шарэнду-Панасюк пазбавілі рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты



Актывістку кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Паліну Шарэнду-Панасюк пазбавілі рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты. Пра гэта яна паведаміла БелаПАН.

Шарэнда-Панасюк вылучалася шляхам збору подпісаў па Брэсцкай-Заходняй акрузе № 1.

У сваім выступленні 22 кастрычніка на тэлеканале „Беларусь 3” Шарэнда-Панасюк заявіла, што краіна набыла сумны статус „апошняй дыктатуры Еўропы”, і запатрабавала адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.

„Фармальна мяне абвінавацілі ў закліку да звяржэння ўлады, абразе прэзідэнта. Я лічу, што мой выступ на тэлебачанні і на перадвыбарных пікетах выклікаў рэзананс у краіне і ў Берасці, яны (улады. — БелаПАН.) не вытрымалі рэальнай канкурэнцыі”, — сказала актывістка.

Яна мае намер абскардзіць рашэнне аб пазбаўленні яе рэгістрацыі ў судзе.

„Нават у такіх сціснутых умовах гэтыя пяць хвілін могуць пахіснуць калоса на гліняных нагах. Таксама націск на кандыдатаў „Еўрапейскай Беларусі” ідзе ў Менску, гэта скаардынаваная акцыя ўладаў”, — дадала яна.

Як раней паведаміла прэс-служба грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь”, выбарчыя камісіі вынеслі папярэджанні кандыдатам у дэпутаты Арцёму Чарняку, Арсенію Чыгіру, Вользе Нікалайчык, Аксане Юшкевіч і Паўлу Юхневічу. Прычынай стала выкарыстанне лозунга „Калгаснай дыктатуры — баста” на агітацыйных стэндах і плакатах падчас пікетаў кандыдатаў. Акрамя таго, у эфір „Радыё Мінск” не выйшаў зварот Аксаны Юшкевіч.

Выступленні двух кандыдатаў ад Аб`яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Няпомняшчых і Ірыны Давідовіч таксама не былі выпушчаныя ў эфір тэлеканала „Беларусь 3”. У гэтых выступленнях кандыдаты патрабавалі імпічменту Аляксандра Лукашэнкі.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 17 лістапада.

belapan.by