Паліну Шарэнду-Панасюк прызналі палітзняволенай
Такое рашэнне прынялі беларускія праваабаронцы пасля таго, як актывістку з Берасця асудзілі на два гады пазбаўлення волі.
Цяпер, як паведамляе сайт праваабарончага цэнтру „Вясна”, у Беларусі 477 палітычных вязняў. Аднак, на думку мужа Паліны Андрэя Шарэнды, рэальны лік мусіць быць большым на некалькі соцень як мінімум:
– Вядома, што заведзена 4000 крымінальных спраў. Зразумела, што справаў не сотні, а можа нават тысячы. Шмат хто з іх проста знаходзіцца пад хатнім арыштам, пад хатняй „хіміяй”. Я лічу, што гэта таксама абмежаванне волі і гэтых людзей таксама трэба безумоўна прызнаваць палітвязнямі. Напрыклад, у берасцейскім СІЗА зараз знаходзіцца каля 120-ці чалавек палітычных зняволеных, але вясна прызнала з іх каля 60-ці.
Адзначу, што Андрэй Шарэнда пагутарыў з Рацыяй за дзень да свайго змяшчэння пад хатні арышт. Берасцеец абвінавачваецца ў абразе Лукашэнкі і закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы:
– Я веру, што перамога сапраўды блізка, што тыя працэсы, якія пачаліся год таму, яны ўжо незваротныя. Тут пытанне толькі часу, колькі гэты рэжым праіснуе.
Дадам, што пакуль жонка за кратамі Андрэй Шарэнда даглядае двух непоўнагадовых дзяцей. Яму забаронена карыстацца тэлефонам, у тым ліку мэсэнджэрамі.
Беларускае Радыё Рацыя