Паліну Шарэнду перавялі з СІЗА ў Навінкі (абноўлена)
Берасцейку Паліну Шарэнду, якую абвінавачваюць у гвалце ў дачыненні да міліцыі, перавялі з СІЗА ў Навінкі. Пра гэта яе муж даведаўся ад адваката.
Паводле Андрэя Шарэнды, Паліну этапавалі на судова-псіхалагічна-псіхіятрычную экспертызу. Паліна адмаўляецца ад дачы паказанняў падчас следства, кажа супрацоўнікам, што яны нелегітымныя. “Мне здаецца, гэта проста помста за яе пазіцыю”, — лічыць Андрэй Шарэнда:
– Справа цалкам сфабрыкаваная. Што гэтыя следчыя робяць са справай? Дагэтуль знаходзіцца ў таямніцы. Чаму так адбываецца, чаму ажыццяўляецца такі ціск на Паліну? Паліна з самага пачатку – з моманту затрымання адмаўляецца выконваць усе працэсуальныя працэдуры. То бок яна не ўдзельнічае ў следстве, адмаўляе як сваю віну, так і тое, што следчыя маюць нейкае законнае права ўвогуле з яе нешта патрабаваць. І зразумела, што гэта не падабаецца следчым, ім трэба падшываць справу, і такім чынам яны спрабуюць ціснуць на яе маральна.
Нагадаем, Паліну затрымалі трэцяга студзеня ў кватэры, калі прыйшлі з аглядам. Прычынай для агляду стала відэа, якое трапіла ў тэлеграм-каналы — на ім жанчына зняважліва выказалася пра міліцыю, якая забрала яе мужа. Падчас агляду, па версіі органаў, Паліна спрабавала сарваць маску з супрацоўніка, чым нанесла пагрозу здароўю і псіхалагічныя пакуты.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя