Паліцыя Нідэрляндаў раскрыла плануемы тэракт
27 верасня паліцыя Нідэрляндаў арыштавала 7 чалавек па падазрэнні ў арганізацыі маштабнага тэрарыстычнага акту. Пра гэта паведаміла Assosiated Press.
Расследаванне шмат месяцаў таму пачала выведка, якая высветліла, што мяркуемы лідар тэрарыстаў, 34-гадовы мужчына іракскага паходжання, склаў план нападу з мноствам ахвяраў, гаворыцца ў паведамленні.
Злачынцы планавалі здзейсніць тэракт з удзелам смяротнікаў на адным з масавых мерапрыемстваў, паралельна ўзарваўшы ў іншым месцы аўтамабіль з выбухоўкай. Падазраваныя былі арыштаваныя ў двух гарадах – Арнеме і Веертэ. Ім ад 21 да 34 гадоў. Трох з арыштаваных раней судзілі за спробу далучыцца да тэрарыстычнай групоўкі „Ісламская дзяржава”.
У офісе нідэрляндскага каардынатара па змаганні з тэрарызмам заявілі, што „сеткі джыхада актыўна дзеюць у Нідэрляндах”.
Беларускае Радыё Рацыя