Паліцыя засакрэціла рашэнні судоў па справе забойства Шарамета



Нацыянальная паліцыя Ўкраіны прыняла меры бяспекі і засакрэціла ўсе рашэнні судоў па справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета з 24 ліпеня 2017 года. Пра гэта гаворыцца ў адказе Дзяржаўнай судовай адміністрацыі на запыт „Українських новин”.

На дадзены момант з адкрытага доступу ў Адзіным дзяржаўным рэестры судовых пастановаў выдалены больш 200 дакументаў па справе аб забойстве Шарамета, адзначае агенцтва.

У прыватнасці, выдалены рашэнні аб прадастаўленні інфармацыі пра мабільныя перамовы магчымых фігурантаў крымінальнай вытворчасці.

У верасні Маніторынгавая місія ААН па правах чалавека ва Ўкраіне выказвала занепакоенасць адсутнасцю прагрэса ў расследаванні забойства Шарамета.

„Непакой выклікае аслабленне абароны свабоды выяўлення думкі ў СМІ. Прайшло больш года пасля забойства журналіста Паўла Шарамета, але прагрэсу ў расследаванні акалічнасцяў яго смерці няма”, – заявіла кіраўнічка місіі ва ўкраіне Фіёна Фрэйзер.

Павел Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 года ў Кіеве ў выніку выбуху машыны, якая належала сузаснавальніцы „Украінскай праўды” і яго грамадзянскай жонцы Алене Прытуле. Следства разглядае пяць версій матываў забойства: прафесійная дзейнасць, забойства па памылцы (замест Прытулы), крытычныя публікацыі журналіста ў выданні „Украінская праўда” і выступы на „Радыё Весткі”, дэстабілізацыя сітуацыі ва Ўкраіне, а таксама канфлікты, якія датычылі асабістага жыцця Шарамета.

Беларускае Радыё Рацыя