Palitviazni.info ладзіць прэзентацыю ў Менску



Рэдакцыя сайта palitviazni.info запрашае на прэзентацыю кнігі “Хронікі беларускіх палітвязняў”.

Кніга падрыхтаваная на падставе матэрыялаў сайта palitviazni.info і распавядае пра лёс 187 асобаў, якія пацярпелі за свае перакананні і палітычныя погляды, паведаміў праваабаронца Зміцер Салаўёў:

– Гэта тая кніжка, якую мы выдалі ў Польшчы, але ў нас не атрымоўвалася нейкі час пэўную колькасць асобнікаў перавезці праз мяжу. І зараз нам хацелася б і раздаць кніжкі, і паразмаўляць у межах прамацыйнай кампаніі, бо ў гэтым ёсць патрэба. Зараз выбары, і больш увагі ідзе на выбары, і тэма палітвязняў, мы бачым, патрабуе ўвагі. Мы не прадаем гэтыя кніжкі, мы раздаем. Асобнікаў 40-50 у нас ёсць. Кніга на розных мовах – ангельска-польская і беларуска-польская.

У выданні выкарыстаны фотаздымкі Юліі Дарашкевіч і Сяргея Гудзіліна. На прэзентацыі, якая адбудзецца 11 чэрвеня ў сядзібе Партыі БНФ па адрасе: Чарнышэўскага, 3, “Хронікі беларускіх палітвязняў” можна будзе атрымаць бясплатна. Пачатак а 17-й гадзіне.

Пасля афіцыйнай часткі, плануецца абмеркаванне магчымасці правядзення супольных інфармацыйных кампаній у падтрымку палітычных зняволеных.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя