Што пагражае Андрэю Шарэнду, які не з’явіўся на суд? (абноўлена)



Пра гэта паведамілі берасцейскія праваабронцы. Разгляд справы актывіста Андрэя Шарэнды мусіў пачацца 28 чэрвеня аб 11:00 у судзе Маскоўскага раёна Берасця.

Наўзамен суддзя Вера Філонік абвясціла Андрэя Шарэнду ў вышук.

Каментуе праваабаронца Уладзімір Вялічкін:

– Што можа пагражаць таму, хто не з’явіўся на суд? Суддзя прыняла рашэнне аб’явіць яго ў вышук, то бок з гэтага моманту яго проста возьмуць пад варту. І ён будзе знаходзіцца пад вартай да суда.

Матывы няяўкі, як і месцазнаходжанне Андрэя Шарэнды, невядомыя. Вінавацяць яго ў «паклёпе на Лукашэнку», гэта 367 артыкул Крымінальнага Кодэкса Беларусі. Максімальны прысуд — 5 гадоў пазбаўлення волі. Хлопец ужо быў прызнаны палітвязням з прычыны знаходжання пад «хатнім арыштам».

Беларускае Радыё Рацыя

***

У судзе Маскоўскага раёна горада Берасця 28 чэрвеня павінен быў пачацца працэс над грамадскім актывістам і палітвязнем Андрэем Шарэндам. Яго абвінавачваюць адразу па двух артыкулах крымінальнага кодэксу – арт. 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і арт. 368 (абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

Ад 31 траўня ён быў змешчаны пад хатні арышт.

Спачатку на Андрэя Шарэнду завялі крымінальную справу паводле арт. 361. Падчас ператрусу ў Андрэя канфіскавалі ўсю тэхніку. 29 красавіка стала вядома, што на Андрэя завялі яшчэ адну крымінальную справу аб абразе прэзідэнта (ч.1 арт. 368 КК РБ). Справа за абразу прэзідэнта была ўзбуджана пасля інтэрв’ю Андрэя ад 29 сакавіка 2021 года, у якім, паводле паведамлення пракуратуры, ад яго імя ўтрымліваюцца заклікі да пратэстаў, а таксама фармулёўкі і выразы, якія публічна абражаюць прэзідэнта. 31 траўня Андрэя зноў затрымалі і павезлі на допыт. Пасля допыта Андрэя Шарэнду змясцілі пад хатні арышт. 

Як паведамляе тэлеграм- канал Вясна/Брэст, абвінавачаны Андрэй Шарэнда не з’явіўся на свой суд.

Суддзя Філонік выдалілася ў дарадчы пакой, прымаць рашэнне аб змене меры стрымання. Шарэнда быў пад хатнім арыштам.

Ягонай жонцы Паліне нядаўна прысудзілі два гады калоніі агульнага рэжыму. У пары двое непаўналетніх дзяцей.

spring96.org