Палітвязень Андрэй Шарэнда пакінуў Беларусь
Прызнаны палітзняволеным берасцейскі актывіст Андрэй Шарэнда пакінуў Беларусь, паведамляе тэлеграм-канал пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна”.
Шарэнда знаходзіўся пад хатнім арыштам. Яму выстаўленыя абвінавачанні на падставе двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і 368 (абраза прэзідэнта).
Крымінальная справа за абразу прэзідэнта была пачатая пасля інтэрв’ю Шарэнды, у якім, на думку пракуратуры, утрымліваліся „заклікі да пратэстаў, а таксама фармулёўкі і выразы, што публічна абражаюць прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.
28 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёна Берасця павінен быў пачацца судовы працэс, на які Шарэнда не з’явіўся. Яго абвясцілі ў вышук.
Жонка Шарэнды Паліна Шарэнда-Панасюк 9 чэрвеня судом Маскоўскага раёна Берасця была прызнаная вінаватай у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), абразе прэзідэнта (арт. 368 КК) і прысуджаная да двух гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі агульнага рэжыму. Яна таксама прызнаная палітзняволенай.
У сямейнай пары двое непаўналетніх дзяцей.
Беларускае Радыё Рацыя