Палітвязень Анджэй Пачобут захварэў у СІЗА на каронавірус
Зняволены журналіст Анджэй Пачобут, якога трымаюць у жодзінскім СІЗА па “справе палякаў”, перадаў на волю, што захварэў на каронавірус, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Журналіста і сябра Рады Саюзу палякаў Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка. Таксама ў сакавіку затрымалі яшчэ трох актывістак польскай меншасці і старшыню арганізацыі Анжаліку Борыс. Ім закідаюць “распальванне нацыянальнай варожасці” і “рэабілітацыю нацызму”. Пазней стала вядома, што Пачобут і Борыс нібыта адмовіліся ад вызвалення ў абмен на згоду пакінуць радзіму.
Іншыя актывісткі — Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава гэтай магчымасцю скарысталіся, іх без дакументаў вывезлі ў Польшчу.
