Палітвязень Ігар Лосік не плануе спыняць галадоўку
Блогер Ігар Лосік, які галадае за кратамі 29 дзён, адчувае сябе здавальняюча, паведаміў БелаПАН адвакат Дзмітрый Лепрэтар.
Паводле яго слоў, нягледзячы на заклікі і просьбы звонку спыніць галадоўку, спыняцца Лосік не плануе. „Ігар кажа, што трымаецца, ацэньвае свой стан як здавальняючы. Яго здароўе перыядычна кантралююць, вымяраючы артэрыяльны ціск. Нядаўна ўзялі кроў на цукар. Як сказалі майму падабароннаму, гэтыя паказчыкі знаходзяцца ў межах нормы”, — адзначыў адвакат.
Таксама ён паведаміў, што выглядае Ігар бледным, аднак вядзе гутарку складна, у паводзінах не памяняўся. Акрамя таго, кантралюецца і яго псіхічны стан — з ім перыядычна размаўляе псіхолаг, супрацоўнік жодзінскай турмы.
Лепрэтар адзначыў, што 13 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе адбудзецца разгляд скаргі абароны на меру стрымання ў дачыненні да Лосіка, у задавальненні якой 11 студзеня адмовіў суд Партызанскага раёна сталіцы.
Стваральнік тэлеграм-канала „Беларусь галаўнога мозгу” Ігар Лосік знаходзіцца пад вартай з 25 чэрвеня і прызнаны палітвязнем. Першапачаткова ён быў абвінавачваным паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 15 снежня стала вядома, што Лосіку выстаўленае новае абвінавачанне — па арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Тэлеграм-канал „Беларусь галаўнога мозгу” выказаў меркаванне, што гэта зроблена „з мэтай пакінуць Ігара пад вартай, бо 25 снежня мінае гранічны тэрмін яго ўтрымання па папярэднім абвінавачанні”.
Лосік віну не прызнае і адрэагаваў на новае абвінавачанне бестэрміновай галадоўкай да зняцця ўсіх абвінавачанняў альбо змены яму меры стрымання. Разам з ім у той жа дзень абвясціла аб бестэрміновай галадоўцы і яго жонка, аднак 21 снежня паведаміла, што з-за націску на сям’ю вымушана яе спыніць.
25 снежня стала вядома, што Лосіку працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на тры месяцы — да 25 сакавіка 2021 года.
Фота: cтаронка Ігара Лосіка на Facebook