Палітвязень Ігар Салавей абскарджвае рашэнне суда
Палітвязень, фігурант гучнай „Пінскай справы” Ігар Салавей, абскарджвае рашэнне суда паводле якога яму змяняюць рэжым зняволення. З бабруйскай калоніі яго павінны перавесці на два гады ў магілёўскую турму. Гэта ініцыятыва адміністрацыі калоніі, бо вязень нібыта рэгулярна парушаў правілы ўстановы.

„Набор прыдзіраў да Салаўя цалкам класічны”, – гаворыць Вераніка Іванова:
– Знаходзячыся ў карцары падчас адбыцця дысцыплінарнага пакарання ён сядзеў на падлозе. Прыдзіркі за тое, што ён прысаджваўся на спальнае месца. Там увогуле фенаменальная сітуацыя, калі ён знаходзіўся ў карцары і пад вакном хтосьці пачаў выкрыкваць яго імя, ён адгукнуўся. За тое, што ён адгукнуўся, гэта таксама было расцэнена як парушэнне. Хаця я мяркую, што гэта хутчэй за ўсё была правакацыя, бо асуджаныя не будуць так рабіць.
Ігара Салаўя затрымалі ва ўласнай кватэры ў Пінску 3 верасня 2020 года. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў „масавых беспарадках” у першы паслявыбарчы вечар пад будынкам Пінскага гарадскога выканкаму і пакаралі шасцю гадамі зняволення.
Беларускае Радыё Рацыя
