Палітвязень Ірына Прыгава 200 дзён за кратамі
200 дзён – столькі за кратамі знаходзіцца палітвязень з Берасцейшчыны Ірына Прыгава. Па рашэнні суда яна пазбаўлена волі на 1 год і 6 месяцаў у калоніі агульнага рэжыму:

– Жыхарцы Берасця Ірыне Прыгавай былі прад’яўлены абвінавачванні па адразу трох артыкулах крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – артыкул 341 або апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці, артыкул 368 або Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і частка 1 артыкула 339 або хуліганства.
Жанчына была затрыманая ў сакавіку бягучага года. Інкрымінуецца таксама раскідванне бел-чырвона-белых сцягоў. У дадатак Следчы камітэт палічыў, што Ірына Прыгава змяшчала надпісы на фасадах дамоў і збудаванняў.
Судовае разбіральніцтва адбылося толькі ў жніўні, літаральна месяц таму. Цяпер жанчына знаходзіцца ў СІЗА №7 горада Берасця.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя
