Палітвязень Кірыл Паўлавец асуджаны на тры гады абмежавання волі



У судзе Савецкага раёна Менска 5 красавіка вынесены прысуд па крымінальнай справе палітвязня Кірыла Паўлаўца, якога абвінавацілі па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, Паўлавец быў затрыманы 4 кастрычніка 2020 года пасля акцыі „Марш вызвалення палітвязняў”. Калі ён быў ужо дома, яму патэлефанавалі з незнаёмага нумара, папрасілі выйсці на двор і адагнаць машыну. У двары яго затрымалі сілавікі ў балаклавах.

На наступны дзень адбыўся суд. Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве (арт. 23.34 КоАП) і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КоАП) і арыштавалі на 14 сутак. Аднак на волю Паўлавец так і не выйшаў: у дачыненні да яго распачалі крымінальную справу і з Акрэсціна перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага.

Згодна з выстаўленым абвінавачаннем, Кірыл Паўлавец летам мінулага года двойчы на вуліцах „заклікаў людзей да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах і сваімі дзеяннямі перашкаджаў працы транспарту, асабліва аўтобусаў і тралейбусаў”.

На двух папярэдніх судовых пасяджэннях пракурор Анастасія Маліка хадайнічала аб выкліку ў суд ужо „вядомага па многіх працэсах сведкі — супрацоўніка Цэнтральнага РУУС Менска Аляксандрава Аляксандра Аляксандравіча”, паведамляюць праваабаронцы. Аднак сведка не з’явіўся.

Суд прыняў меры па забеспячэнні яўкі сведкі на працэс. Аднак Аляксандраў не з’явіўся ў суд і 30 сакавіка. Таму суд прыняў рашэнне завяршыць судовае следства без яго.

Сёння суддзя Марына Фёдарава абвясціла прысуд: тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Менавіта такое пакаранне запрасіла пракурор.

Акрамя таго, іск камунальнага прадпрыемства „Мінсктранс” за панесеныя страты будзе разглядацца падчас грамадзянскага працэсу.

belapan.by