Палітвязень Міхаіл Жамчужны зноў у ШІЗА



Праваабарончаму цэнтру “Вясна” стала вядома, што 15 сакавіка палітвязень Міхаіл Жамчужны атрымаў чарговае спагнанне – сем сутак змяшчэння ў ШІЗА. Гэта ўжо 24 пакаранне, накладзенае на палітвязня са жніўня 2017 года – часу ягонага пераводу ў калонію №9 г. Горкі.

Нагадаем, праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся якраз з часу пераводу ў калонію №9, дзе з патурання адміністрацыі для яго былі створаныя зневажальныя ўмовы для адбыцця пакарання, арганізавана кампанія траўлі, звязаная з ўсталяваннем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін. Фармальнымі падставамі для пакаранняў адміністрацыя называла нязменныя адмовы палітвязня пераходзіць у атрад, сфармаваны з асуджаных “з нізкім статусам”. Палітвязень сапраўды адмаўляўся, аднак, перад кожным накіраваннем у ШІЗА абгрунтоўваў свае адмовы і прасіў адміністрацыю прадставіць яму бяспечныя ўмовы.

Трэба адзначыць, што за апошні месяц адбыліся пэўныя змены ў сітуацыі адбыцця пакарання Міхаіла Жамчужнага. Так, 1 сакавіка, пасля чарговых дзесяці сутак у ШІЗА, начальнік калоніі сказаў зняволенаму, што ён можа ісці ў звычайны атрад №3, бо нібыта “ўжо ўсё добра” (значыць, пытанні са статусам вырашаны). Аднак, ягонае з’яўленне ў гэтым атрадзе выклікала негатыўную рэакцыю іншых асуджаных. Каб пазбегнуць канфлікту, Міхаіл Жамчужны пакінуў атрад і зноў атрымаў спаннанне – дзесяць сутак ШІЗА.

Падчас адбыцця гэтага пакарання палітвязня азнаёмілі з дакументам за подпісам начальніка калоніі, што яму прадстаўляецца бяспечнае месца, але “ва ўмовах атрада №3”. Пасля чарговых дзесяці сутак ШІЗА начальнік калоніі зноў паўтарыў Міхаілу Жамчужнаму, што “ў яго ўсё ў парадку” і зноў накіраваў у атрад №3. Сітуацыя паўтарылася, і каб зноў пазбегнуць канфлікту са зняволенымі, палітвязень адмовіўся заставацца ў атрадзе. Пасля гэтага атрымаў спачатку трое, а затым сем сутак ШІЗА. У выніку Міхаіл Жамчужны напісаў начальніку калоніі, што пойдзе ў атрад №3, калі адміністрацыя ўзгодніць ягоную там прысутнасць з іншымі зняволенымі. Бліжэйшымі днямі, калі скончацца сем сутак ШІЗА, сітуацыя павінна праясніцца.

Таксама стала вядома, што Міхаіл Жамчужны атрымаў адказ з Дэпартаменту выканання пакаранняў, куды ён звяртаўся з просьбай аб пераводзе яго для адбыцця пакарання ў іншую калонію. Аднак ДВП ухіліўся ад вырашэння праблемы і ў сваім лісце адзначыў, што пытанне аб пераводзе ў іншае месца вырашае начальнік калоніі. Міхаіл Жамчужны ў бліжэйшы час намераны звярнуцца да яго з адпаведнай просьбай.

Невытлумачальную пазіцыю заняла пракуратура Магілёўскай вобласці, якая разглядаласкаргу Жамчужнага. У лісце, атрыманым палітвязнем, абласная пракуратура ўказала, што будзе разглядаць ягоныя звароты пасля аплаты дзяржпошліны(!?). З дадзенай сітуацыяй праваабаронцы намераны разбірацца асобна.

Міхаіл Жамчужны па-ранейшаму не атрымлівае карэспандэнцыю і не можа пісаць лісты сам. Не даходзяць нават заказныя лісты, якія раней перадаваліся палітвязню ў кароткія прамежкі паміж змяшчэннямі ў ШІЗА.

Нягледзячы на складаную сітуацыю, Жамчужны намераны працягнуць абскарджаннерашэнняў суда Горацкага раёна ад 13 сакавіка (чатыры спагнанні: адзін месяц змяшчэння ў ПКТ ад 4 верасня, па дзесяць сутак ШІЗА – 5 кастрычніка і 16 кастрычніка, пяць сутак ШІЗА – 26 кастрычніка) і 16 сакавіка (трое сутак ШІЗА ад 24 студзеня) у касацыйнай інстанцыі – Магілёўскім абласным судзе.

ПЦ „Вясна”