Палітвязень Уладзімір Гундар выйшаў з карцара
Палітвязень Уладзімір Гундар выйшаў з карцара, дзе адседзеў 10 сутак.
На знак пратэсту супраць несправядлівага пакарання карцарам Гундар аб´явіў галадоўку. Усе 10 дзён ён піў толькі ваду, кажа яго жонка Алена Гундар:
– Калі было кепска – было кепска, а вось нешта палепшыла, крыху зусім, і я амаль ужо шчаслівая. Бо Валодзю вось выпусцілі з карцару, 10 сутак адбыў, адгаладаў, а зараз, дзякуй Богу, з учорашняга вечара ён пачаў паціху есці і папрасіў мяне, каб я прывезла яму сала і вострага перцу, апроч салодкага, масла. І вось у мяне ўжо радасць на сэрцы.
Але Уладзімір мае яшчэ не адседжаных 8 сутак. Алена моліць Бога, каб не адразу зноў адправілі ў карцар, каб далі магчымасць хоць крыху адужэць.
Інвалід 2-й групы без нагі Уладзімір Гундар праходзіць па “справе Аўтуховіча”. Ён абвінавачваецца за стварэнне злачыннай арганізацыі і замах на змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. Акрамя гэтага палітвязень Гундар пакараны трыма гадамі калоніі агульнага рэжыму за нібыта пагрозу следчаму падчас вобшуку ў кватэры.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя