Палітвязень Юрый Рубцоў працягвае змагацца за свае правы
Палітвязень Юрый Рубцоў, які адбывае пакаранне ў спецкамендатуры № 7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёна, мае намер датэлефанавацца да пракурора Берасцейскай вобласці Сяргея Хмарука. Прычына звароту – адмова выдаць Рубцову „Кнігу скаргаў і прапаноў”.
Палітвязень лічыць, што яго правы парушаюцца з-за таго, што ён патрабуе працу з сярэднім заробкам, афіцыйна агучаным Аляксандрам Лукашэнка, кажа Юрый Рубцоў:
– Пазбаўляюць мяне права рабіць заўвагі ў “Кнізе скаргаў і прапаноў”. Хоць судом я пакараны толькі абмежаваннем у свабодзе перамяшчэння. Мая заява ў “Кнізе скаргаў і прапаноў” пра тое, што частка ўнутраных інструкцый гэтай установы супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Я фактычна атрымаў адпіску, што дзейнасць спецкамендатуры заснаваная на Канстытуцыі РБ.
Паводле Юрыя Рубцова, яго ўжо выклікалі ў Следчы камітэт у Пружанах. Паступіла заява ад начальніка атрада, што Рубцоў яго абразіў словам “нягоднік”. Але было за што, кажа Рубцоў. Начальнік атрада паабяцаў і не даў азнаёміцца палітзняволенаму з ягонымі правамі ў спецкамендатуры, а толькі з абавязкамі, таксама не даў на рукі копію рашэння Менскага гарадскога суда на заяву Рубцова.
Беларускае Радыё Рацыя