Палітвязень Жамчужны ўтрымліваецца ў ШІЗА?



Палітвязень Міхаіл Жамчужны апошнім часам практычна заўсёды ўтрымліваецца ў штрафным ізалятары (ШІЗА). Да такой высновы, як паведамляе сайт palitviazni.info, прыйшоў праваабаронца Леанід Свецік, які вядзе з ім перапіску і не атрымлівае лістоў у адказ з чэрвеня.

„Відаць, Міхаіл пастаянна знаходзіцца ў ШІЗА, а таму не мае магчымасці пісаць на волю. І гэта сітуацыя вельмі непакоіць, таму што не кожны вытрымае такія выпрабаванні”, — адзначыў Свецік.

Паводле звестак праваабаронцаў, з 31 чэрвеня па 30 жніўня Жамчужны правёў у штрафным ізалятары 30 сутак. Гэта 35-е спагнанне, вынесенае Жамчужнаму адміністрацыяй горацкай калоніі са жніўня 2017 года.

Раней палітвязень абскардзіў спагнанні, вынесеныя яму ў лістападзе 2017 года. Суд Горацкага раёна 20 ліпеня адмовіў у задавальненні скаргаў. Палітвязень абскардзіў гэта рашэнне суда ў парадку касацыі, але Магілёўскі абласны суд 27 жніўня пакінуў без задавальнення скаргу на рашэнне суда.

Міхаіл Жамчужны — былы дацэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак, вынаходнік. Жамчужны перадаваў звесткі пра ўтрыманне зняволеных у месцах пазбаўлення волі праваабарончай арганізацыі „Платформа”. Быў затрыманы ў 2014 годзе. У ліпені 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у падбухторванні да наўмыснага разгалашэння звестак, якія складаюць службовую тайну, незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, і дачы хабару. Праваабаронцу прыгаварылі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда, разгледзеўшы ў кастрычніку таго ж года касацыйную скаргу на прысуд, прызначыла яму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

17 ліпеня беларускія праваабарончыя арганізацыі накіравалі зварот у Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай памілаваць Жамчужнага. 1 жніўня ім прыйшоў адказ, у якім гаварылася, што прашэнне будзе разгледжана, калі ён падасць яго асабіста.

belapan.by