Палітвязня Дзяніса Дземуха асудзілі на паўтары гады калоніі
У судзе Заводскага раёна Менска 9 сакавіка літаральна за некалькі гадзін была разгледжаная крымінальная справа супраць палітычнага зняволенага Дзяніса Дземуха.
Суддзя Алег Каляда прызнаў Дзяніса вінаватым у здзяйсненні злачынства па арт. 342 Крымінальнага кодэкса і прысудзіў яму 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Таксама „Мінсктранс” заяўляў грамадзянскі пазоў аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды, аднак суд яго не задаволіў. Тэрмін пакарання будзе адлічвацца з моманту затрымання палітвязня.
Дзяніс Дзямух быў затрыманы чацвёртага кастрычніка пасля акцыі „Марш вызвалення палітвязняў”. Яго асудзілі на 13 сутак арышту, пасля якіх ён так і не выйшаў на волю — на Дзяніса завялі крымінальную справу. Ён быў прызнаны палітычным зняволеным.