Палітвязня Дзяніса Марусевіча паставілі на прафілактычны ўлік
На прафілактычны ўлік у турме паставілі берасцейскага палітзняволенага Дзяніса Марусевіча. А менавіта пазначылі, што ён схільны да захопу закладнікаў і агрэссіі і схільны да тэрырызму і іншай дэструктыўнай дзейнасці.
Пра гэта паведаміла яго маці Людміла Марусевіч. Яна распавяла пра тое, у якіх умовах зараз знаходзіцца яе сын:
– Дзяніса 17 чэрвеня этапавалі ў СІЗА №6 Баранавічаў. Этапавалі іх 12 гадзін і яны ехалі ў кайданках. Ён піша ў лісце: “Побач забойцы, воры, злодзеі, махляры – усе без кайданкаў, а толькі мы, палітычныя, у кайданках”. Ну, у яго паўсюль смайлікі, маўляў, вы не хвалюйцеся, я гэта прыняў з гумарам.
Дзяніс Марусевіч – 25-гадовы спартовец з Берасця. Асуджаны за ўдзел у масавых беспарадках па частцы 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Прызнаны палітвязнем.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота: spring96.org