Палітвязня Ігара Лосіка вярнулі з карцара ў камеру
Ігара Лосіка выпусцілі з карцара жодзінскай турмы і вярнулі ў камеру, паведаміла БелаПАН жонка палітвязня Дар’я Лосік.
Паводле слоў Дар’і, у карцары Лосік правёў пяць дзён, чатыры з якіх трымаў сухую галадоўку. Туды ён трапіў пасля таго, як 11 сакавіка яму выставілі трэцяе па ліку абвінавачанне. У адказ блогер на вачах у следчага парэзаў сабе вены.
З-за дадзенай адвакатам падпіскі аб невыдаванні па-ранейшаму невядомая сутнасць дадатковага абвінавачання. Таксама няма інфармацыі аб ходзе следства па справе блогера.
Жонка адзначыла, што больш за тыдзень Ігар не атрымлівае лістоў, перадачы ў яе прынялі на гэтым тыдні двойчы. „Настрой у яго крыху лепшы, але стан не вельмі, як і здароўе. Рана на руцэ выглядае лепш, але з-за таго, што ён даволі моцна парэзаў яе, яшчэ не зажыла. Паціху есць і п’е ваду”, — сказала яна.
Дар’я таксама выказала ўпэўненасць, што ўсе лісты, у тым ліку апошнія, у якіх чытаецца ўпадніцкі настрой, яе муж піша сам.
28-гадовы стваральнік тэлеграм-канала „Беларусь галаўнога мозгу” і кансультант-фрылансар радыё „Свабодная Еўропа/Радыё Свабода” Ігар Лосік знаходзіцца пад вартай з 25 чэрвеня 2020 года, ён прызнаны беларускімі праваабаронцамі палітвязнем.
Улетку Лосіка абвінавацілі на падставе ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). 15 снежня стала вядома, што яму выстаўленае новае абвінавачанне — на падставе арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Па гэтым артыкуле Лосіку пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
Блогер віну не прызнае і адрэагаваў на новае абвінавачанне бестэрміновай галадоўкай да зняцця ўсіх абвінавачанняў або змены яму меры стрымання. Галадоўка Лосіка доўжылася 42 дні і выклікала вялікі рэзананс. 25 студзеня Лосік перадаў, што вырашыў спыніць галадоўку, таму што яго „ўразіла неверагодная хваля салідарнасці”.