Палітвязня Мікалая Дзядка пакаралі карцэрам



Мікалай Дзядок змешчаны ў штрафны ізалятар на 7 дзён. Тэрмін пакарання павінен скончыцца 9 чэрвеня. Падрабязнасці “Свабодзе” паведаміла жонка вязня Валерыя Хоціна.

Раней з’явілася інфармацыя, што Мікалай выйшаў са штрафнога ізалятара, трапіў у атрад і быў накіраваны на працу, атрымаў працоўную вопратку і мыла. Аднак у выніку зноў трапіў у ізалятар нібыта за адмову працаваць. У канцы красавіка пра Мікалая Дзядка стала вядома, што ён у калоніі ў Горках рэзаў вены на знак пратэсту супраць рэпрэсіўнага стаўлення да сябе. У 2011 годзе актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок быў асуджаны на 4,5 года зняволення паводле абвінавачання ў хуліганскіх дзеяннях адносна афіцыйных будынкаў.

Сёлета ў лютым, за некалькі дзён да заканчэння тэрміну, суд прысудзіў яму яшчэ год зняволеньня за парушэнні парадку адбыцця пакарання.