Палітвязня Вітольда Ашурка паставілі ў турме на прафілактычны ўлік



Палітычнага вязня Вітольда Ашурка паставілі ў турме на прафілактычны ўлік. Гэта азначае, што цяпер пры выхадзе з камеры яму павінны закоўваць рукі за спінаю ў кайданкі.

Пакуль Ашурак знаходзіцца ў гарадзенскай турме на час разгляду апеляцыйнай скаргі на прысуд. Яго паплечніца, журналістка Вольга Быкоўская, лічыць прафілактычны ўлік формай псіхалагічнага ціску на вязня:

– Думаю, што гэта для дадатковага псіхалагічнага ціску, а можа і не толькі псіхалагічнага. Але я бачу, прынамсі з ліста гэта відаць, што Вітольд ставіцца да гэтага з паразуменнем, ён лічыць, што гэта паказвае на тое, што ён робіць усё правільна. Павага да Вітольда, які не апускае галаву, трымаецца, верыць у беларускі народ і рыхтуецца да перамогі.

Актывіст з Бярозаўкі, сябра “Руху “За Свабоду” Вітольд Ашурак 20 студзеня быў асуджаны на адзін з самых вялікіх тэрмінаў “за пратэсты” – да пяці гадоў калоніі агульнага рэжыму. Вольга Быкоўская кажа, што цяпер яму патрэбная найперш салідарнасць у выглядзе лістоў ды ў іншых формах:

– Я думаю, што ён будзе ўсцешаны віншаваннем да 25 сакавіка, гэта можна зрабіць, напрыклад, тэлеграмай. Заўсёды ёсць патрэба ў салідарнасці, нагадванні пра тое, што Вітольд ёсць, у выглядзе можа нейкіх флэшмобаў, нейкіх супольных акцый. Таму што без такіх акцый людзям, якія знаходзяцца ў турме, ім цяжка. Яны ўнутры, а мы – звонку. Заўсёды патрэбна, каб нешта было, каб нешта нагадвала, што яны з намі.

Варта дадаць, што пасля абвяшчэння прысуду Вітольду Ашурку ў зале суда пачулася абурэнне прысутных, гучалі воклічы “Ганьба!” і “Верым! Можам! Пераможам!” Па гэтых падзеях былі распачатыя і адміністрацыйная, і крымінальная справы. Дакладная колькасць асоб, якія па іх праходзяць, пакуль не вядомая.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя