Палітвязня Яна Салановіча адпусцілі з ЦІП на Акрэсціна
Былога студэнта БДУІР Яна Салановіча адпусцілі са сталічнага цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна” ў сваім тэлеграм-канале.
Адзначаецца, што Салановіч позна ўвечары 25 студзеня выйшаў з ЦІП на Акрэсціна, у якім знаходзіўся з лістапада мінулага года. Яго адпусцілі без тлумачэння прычын.
„На працягу лістапада і снежня Яна судзілі 8 разоў за ўдзел у акцыях пратэсту, усяго ён павінен быў адбыць 114 сутак арышту і выйсці на свабоду 23 лютага”, — піша „Вясна”.
Таксама напярэдадні стала вядома, што хлопца адлічылі з апошняга курса БДУІР.
Раней Ян Салановіч быў прызнаны палітычным зняволеным. Цяпер пад вартай застаецца не менш за 13 актывістаў студэнцкага руху, сярод якіх Ягор Канецкі, Яна Арабейка, Арцём Вінакураў, Вікторыя Гранкоўская, Улад Марціновіч, Марыя Каленік, Таццяна Екельчык. Большасці з іх выстаўленае абвінавачанне па арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Усе яны прызнаныя палітвязнямі.
З 1 верасня 2020 года і да канца года ў вядучых ВНУ краіны практычна штодня праходзілі акцыі салідарнасці. Студэнты і выкладчыкі збіраліся ўнутры будынкаў (на лесвічных пралётах, у холах), а таксама каля ўваходаў у навучальныя ўстановы. Яны запісвалі відэазвароты, спявалі песні, апладзіравалі або стаялі моўчкі з бел-чырвона-белымі сцягамі і плакатамі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.
У сацсетках студэнты дагэтуль распавядаюць, што ў іх ВНУ і побач з імі перыядычна дзяжурыць міліцыя і сілавікі ў цывільным. Міліцыя здымае студэнтаў і выкладчыкаў, якія мітынгуюць, адбірае ў іх плакаты і сцягі, разганяе і затрымлівае, студэнтаў арыштоўваюць і штрафуюць.
У снежні многія ВНУ перайшлі на дыстанцыйнае навучанне ў сувязі з другой хваляй каранавіруса CОVID-19, і пратэстны рух ва ўніверсітэтах заціх.