Палітвязню Ігару Банцэру прысудзілі 1,5 гады „хіміі”



На час апеляцыйнай скаргі яго выпусцілі на волю пад падпіску.

З 18 месяцаў мінус 10 месяцаў, паколькі ён адсядзеў 5 месяцаў, а дзень залічваецца за два.

Справу разгледзела суддзя Наталля Козел.

Напярэдадні пракурор Віктар Нічыпарук запытаў для абвінавачанага менавіта такое пакаранне. Паводле слоў дзяржабвінаваўцы, першапачатковыя звесткі, што Ігар Банцар быў п’яны падчас здзяйснення злачынства, не пацвердзіліся ў час судовага следства. Ён назваў змякчальнымі абставінамі тое, што абвінавачаны выхоўвае трох непаўналетніх дзяцей, абцяжарвальных абставін няма.

Сам Банцар заявіў, што ён не выправіцца, і папрасіў суд даць яму максімум, магчымы згодна з пастаўленым яму ў віну артыкулам за хуліганства, — тры гады калоніі.

Кажуць яго сябры:

– Мы здзіўлены, што ён не атрымаў рэальны тэрмін без калоніі. Падобна было да таго, што яму павінны былі даць рэальны тэрмін. У выніку атрымалася гуманна, не горшы варыянт. 

– Спадзяваліся на лепшае, але думалі, што будзе горш. Таму мы радыя і чакаем калі вылечыцца і хутка будзе з намі.

Банцар абвясціў сухую галадоўку 3 сакавіка, у пачатку судовага працэсу над ім, у знак пратэсту супраць палітызаванасці яго справы, а таксама нязгоды з тым, што адбываецца ў краіне.

Музыканта судзілі за тое, што ён нібыта дэманстраваў палавыя органы міліцыянеру. Пазіцыя Банцара: ён зняў шорты падчас танца перад міліцэйскай машынай, аднак заставаўся ў стрынгах, таксама спераду яго прыкрывала паясная сумка.

У прызнанага пацярпелым міліцыянера Сяргея Багдзевіча прэтэнзій да Банцара няма. Ён расцаніў яго ўчынак як п’яную выхадку, а не як крымінальна каральнае дзеянне.

Кажа музыка Алесь Дзянісаў:

– Думаю, што гэта галадоўка, якую Ігар трымаў, яна мне падаецца дапамагла, неяк паўплывала на тое, што ўсё ж такі прысуд быў такі даволі мяккі. Маглі даць тры рэальныя гады калоніі, а ўсё ж такі далі паўтары хіміі, з якіх ён ужо палову, можна сказаць, з улікам СІЗА ён ужо адсядзеў. Увогуле я не ведаю якім чынам ён выжыў, проста нейкае цуда.

Банцар знаходзіцца пад вартай пяць месяцаў, з 20 кастрычніка мінулага года. Яму 41 год, жанаты, у яго трое непаўналетніх дзяцей. Летась яго тройчы затрымлівалі за ўдзел у пратэстах, ён адседзеў 18 сутак адміністрацыйнага арышту. Банцара амаль увесь час трымалі ў адзіночнай камеры, некалькі разоў змяшчалі ў карцар. Яго накіроўвалі на прымусовую псіхіятрычную экспертызу ў РНПЦ псіхічнага здароўя (Менск, Навінкі), якая паказала, што ён здаровы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча