Палітвязню Комліку адмовілі ў змене меры стрымання



Галоўны бухгалтар незалежнага прафсаюза РЭП Ігар Комлік абскардзіў меру стрымання, аднак яго пакінулі пад вартай.

Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, 15 верасня суд Партызанскага раёна разгледзеў скаргу Комліка на меру стрымання — утрыманне пад вартай.

У скарзе ён прасіў змяніць яе, бо лічыць, што яна ўжытая да яго беспадстаўна і ва ўтрыманні яго пад вартай падчас следства няма неабходнасці.

Суддзя Наталля Дзядкова вырашыла, што мера стрымання абраная законна і абгрунтавана, бо Ігар Комлік абвінавачваецца ў цяжкім злачынстве. Яна пакінула рашэнне намесніка генеральнага пракурора без зменаў, а скаргу без задавальнення. У суд абвінавачанага не дастаўлялі.

Абаронца Комліка накіравала скаргу ў Менгарсуд на рашэнне суда Партызанскага раёна, які прызначыў яе разгляд на 19 верасня.

Комлік знаходзіцца пад вартай ужо больш за месяц. Ён быў затрыманы разам са старшынём прафсаюза РЭП Генадзем Фядынічам 2 жніўня і дапытаны ў дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Пасля допыту Фядыніча адпусцілі, ён пад падпіскай аб нявыездзе, Комліка затрымалі, ён знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Менску.

Прафсаюзныя актывісты падазраюцца ў нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры, у дачыненні да іх пачатая крымінальная справа.

Фота: spring96.org