Палітвязню Сяргею Франчуку дадалі яшчэ паўгода калоніі
Тэрмін пакарання палітвязня Сяргея Франчука 3 гады па першай крымінальнай справе павялічаны на паўгода калоніі агульнага рэжыму.
4 ліпеня працягнуўся разгляд крымінальнай справы Сяргея Франчука ў закрытым судзе нібы за абразу Лукашэнкі. Справа была разгледжана ў судзе Бабруйскага раёна і горада Бабруйска суддзёй Вольгай Сераковай. Паводле цёці Сяргея Франчука, Таісы Кабанчук, яе пляменнік зняволены без віны:
-Віны ніякай няма. Зразумела, за тое, што чалавек – годны беларус. Толькі за гэта ў нас могуць пакараць. Ім не трэба ні доказы, ім не трэба ні факты і ні дакументы. Яны могуць выдумаць што заўгодна і павесіць на чалавека, калі ён з’яўляецца родным ці блізкім Вадзіма Кабанчука – намесніка камандзіра палка Каліноўскага.
Другі суд над Франчуком пачаўся яшчэ ў траўні 2023 года, аднак у працэсе быў абвешчаны перапынак да моманту разгляду ягонай апеляцыйнай скаргі на папярэдні прысуд ад 20 красавіка.
Сяргей Франчук быў затрыманы 9-га жніўня 2022 года.
Беларускае Радыё Рацыя