Палітвязню Уладзіміру Гундару дазволілі спатканне з жонкай



Толькі з палітзняволеным інвалідам 2 групы Уладзімірам Гундарам сям´я мае сувязь. Гундар чакае разгляду апеляцыі на прысуд у Гарадзенскай турме, яму дазволены перадачы і нават было спатканне з жонкай.

Астатнія вязні па «справе Аўтуховіча» чакаюць этапу. З імі ў родных ужо працяглы час няма сувязі, кажа жонка Уладзіміра Гундара Алена:

-Падалі апеляцыю на прысуд апошні. Пакуль ён яшчэ ў Гародні. Не ведаю наколькі доўга. Астатнія, якія па яго справе былі, прысуд уступіў у сілу. Іх у любы момант могуць адправіць па этапу. Але ў пятніцу яшчэ ўсе былі на месцы. Лісты хоць прыходзяць да мяне. Бо астатнім лісты не даходзяць. Ужо па два месяцы з лішкам.

Палітзняволены інвалід (у яго няма нагі) Уладзімір Гундар пакараны 20 гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага  рэжыму. З іх 18 гадамі – па “справе Аўтуховіча”. Два гады дабаўленыя па дзвюх іншых справах: гвалт ці пагроза ў дачыненні да службовай асобы і абраза  прадстаўніка ўлады.

Беларускае Радыё Рацыя