Палітвязню Васілю Берасневу патрэбна перасадка ныркі
Пра сітуацыю з палітвязнем @radiosvaboda расказаў Максім Пазьнякоў, які знаходзіцца за мяжой і часова выконвае абавязкі старшыні БКДП.
«Яго абследавалі ў шпіталі на працягу 2 дзён і адправілі назад у калонію. Вынікаў не паведамілі. Сказалі, што атрымае потым, у калоніі. Крыніцы, зь якімі я кантактаваў, нават ня ведаюць, як ён цяпер пачуваецца», — сказаў Максім.
Паводле яго, Бераснева вярнулі ў калонію ў першай палове кастрычніка.
73-гадовы Васіль — лідар аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП, выканаўца абавязкаў старшыні прафсаюза РЭП. Суддзя Анастасія Папко прызначыла яму 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яшчэ падчас знаходжання ў СІЗА ў Васіля значна пагоршыўся стан здароўя: самае небяспечнае – ён пакутуе ад боляў у адзінай нырцы. Аднак сітуацыя настолькі крытычная, што медыкаментознае лячэнне не мае сэнсу. Патрэбна перасадка ныркі.