Палітычны і карны прысуд гарадзенскім раварыстам



Палітычным і карным называюць праваабаронцы прысуд, абвешчаны гарадзенскім раварыстам Сяргею Нікуліну і Яўгену Пякуцьку.

Сумна вядомы для беларускіх грамадзянаў суддзя Ленінскага раённага суда Руслан Гурын убачыў у паездцы раварыстаў па цэнтры горада – масавую недазволеную акцыю, якая нібыта мела прайсці 15-га ліпеня. Сяргей Нікулін асуджаны на 5 сутак арышту. Кажа праваабаронца, Уладзімір Хільмановіч, які прысутнічаў на судзе:

– Ніякай фактычна акцыі не было, што і высветлілася ў судзе. Не было ні лозунгаў, ні сімволікі, ні выкрыкаў. Група раварыстаў мірна ездзіла па цэнтры горада, насустрач ёй ездзілі іншыя групы. Ніякога складу правапарушэнняў у дзеяннях ні Пякуцькі, ні Нікуліна не было выяўлена. Тым больш, што адзін са сведкаў – міліцыянт – не з’явіўся ўвогуле па незразумелых прычынах. Відаць, не было чаго сказаць. А іншы сведка – Вадзім Налівайка зафіксаваў толькі масавасць людзей.

Іншы раварыст, Яўген Пякуцька, быў пакараны штрафам 15 базавых адзінак. Зазначыўшы, што віны абодва не прызналі, і доказаў іх удзелу таксама няма. Кажа Яўген Пякуцька:

– Мне прысудзілі 15 базавых велічынь. Ровары і тэлефоны, сказалі, аддадуць. Я ўвогуле не згодны з пратаколам і з прысудам. Мы не прызналі сваю віну, таму што нас затрымалі ні за што. Штраф немалы. Некаторыя людзі і за месяц столькі не зарабляюць. У мяне, напрыклад, маленькае дзіця. Я на яго яшчэ і аліменты плачу. Я, відаць, нічога не даб’юся, яшчэ больш грошай заплачу за гэтыя апеляцыі.

У Сяргея Нікуліна і Яўгена Пякуцькі міліцыянты 15-га ліпеня канфіскавалі ровары і мабільныя тэлефоны.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота: harodniaspring.org