Палітычны пераслед у жніўні набраў абароты — агулам больш за 223 гады зняволення
За жнівень па «пратэсных» крымінальных справах асуджана не менш за 98 чалавек. А абмежаванне волі (калоніі, «хімія», «хатняя хімія») суды ўжывалі ў 100% выпадкаў асуджэння фігурантаў «пратэсных» спраў.
Праваабаронцы «Вясны» агучылі несуцяшальныя даныя маніторынгу палітычна матываваных крымінальных спраў у Беларусі за жнівень. І тэндэнцыі надзвычай непрыемныя — палітычны пераслед толькі набірае абароты.
Па «пратэсных» крымінальных справах асуджана не менш за 98 чалавек: суадносіны асуджаных мужчын і жанчын складаюць 80,61% і 19,39% адпаведна. Аднак праваабаронцы адзначаюць, што гэтыя звесткі – толькі вяршыня айсберга, насамрэч затрыманых і асуджаных «за палітыку» значна больш.
Асуджаным агулам прысудзілі 223 гады і 10 месяцаў зняволення, 29 гадоў «хіміі», 62 гады «хатняй хіміі», 89 600 рублёў штрафу, 5 гадоў забароны на заняцце пасад, звязаных з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў.
Па «пратэсных» крымінальных справах у жніўні суды ўжывалі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, у 64,28% выпадкаў.
Пакаранне па палітычна матываваных крымінальных справах, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем у выглядзе «хіміі», «хатняй хіміі» суды ўжывалі ў 100% выпадкаў асуджэння фігурантаў «пратэсных» спраў у жніўні.