Палітычныя ўзрушэнні ў Беларусі пакідаюць па-за ўвагай іншыя пытанні і праблемы



Гарадзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч адправіў адкрыты ліст да старшыні абласнога выканкама з просьбаю адкласці ўзгадненне і прыняцце другой чаргі рэканструкцыі Старога замка.

У сваім лісце гісторык піша: “Палітычныя падзеі, што адбываюцца ў нашай краіне апошнім часам, прымусілі забыцца на іншыя праблемы, аднак, гэта не азначае, быццам яны перасталі існаваць. Больш за тое — менавіта зараз прымаюцца рашэнні, адмяніць якія пазней ужо не атрымаецца. Гаворка ідзе аб праекце другой чаргі рэканструкцыі Старога замка ў Гародні, які, фактычна, ставіць пад пагрозу знішчэння ўнікальны для Беларусі гістарычны помнік”, – лічыць гісторык. Прыгадаю, што паводле ідэі архітэктара Уладзіміра Бачкова, плануецца адбудаваць замак з часоў караля Стэфана Баторыя, але праблема ў тым, што дакладна невядома, як выглядаў замак на той час. Пры гэтым другая чарга рэканструкцыі замка закранае наўпрост гістарычны будынак. Гэтая рэканструкцыя ад самага пачатку выклікае бурлівыя дыскусіі ў навуковых і гістарычных колах. Чалавеку ж неабазнанаму пры гэтым можа падавацца, што ўсё ідзе ў добрым напрамку, бо выгляд замка сапраўды змяняецца на вачах, што заўважна адразу, калі пераязджаеш Стары мост праз Нёман.

Другая праблема, якая яшчэ год-два таму была сярод галоўных нават на ўзроўні краіны, гэта будаўніцтва завода акумулятарных батарэй пад Берасцем. На працягу двух гадоў берасцейцы выходзілі па нядзелях на акцыі пратэсту супраць гэтага будаўніцтва, якія пазней трансфармаваліся ў акцыі па кармленні галубоў. Дзякуючы ўпартасці людзей, справа набыла шырокі розгалас. Будаўніцтва прыпынялі, супраць уласніка завода Віктара Лемяшэўскага пачалі крымінальную справу, з праціўнікамі акумулятарнага завода летась у чэрвені сустрэўся Аляксандр Лукашэнка, які паабяцаў правесці рэферэндум на тэму гэтага будаўніцтва. Але ўжо ў верасні стала вядома, што ніякага рэферэндуму не будзе, і ў хуткім час абвясцілі аб прадаўжэнні будаўніцтва завода. Сам завод прадалі ААТ “Акумулятарны альянс”, саўладальнікам якога з’яўляецца сумна вядомы Дзмітрый Баскаў, якога падазраюць у датычнасці да гібелі мастака Рамана Бандарэнкі.

А напярэдадні старшыня Берасцейскага абласнога выканкама Юрый Шулейка паведаміў, што пусканаладачныя работы на акумулятарным заводзе пад Берасцем знаходзяцца на завяршальнай стадыі. Ён запэўніў, што завод стаіць на “жэстачайшым экалагічным кантролі”, і 17 лютага атрымаў пазітыўнае заключэнне ад Рэспубліканскага цэнтра дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. Змучаныя арыштамі і пераследам актыўныя берасцейцы наўрад ці здолеюць нешта з гэтым яшчэ зрабіць. Вось так незваротна і вырашаецца пытанне, важнае для здароўя людзей і навакольнага асяроддзя.

 Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя