Палітзняволенага набеліста Алеся Бяляцкага змясцілі ў адзіночную камеру



Палітзняволенага набеліста Алеся Бяляцкага змясцілі ў адзіночную камеру.

Фота: Вясна

Пра гэта паведаміла ягоная жонка Наталля Пінчук падчас прамовы на сёлетнім Сусветным форуме за дэмакратыю, які праходзіць з 6 па 8 лістапада ў Страсбургу. У сваёй прамове Пінчук зазначыла, што Беларусь — не Расея і заявіла, што беларускі народ не хоча быць часткай Расейскай імпэрыі і ваяваць за яе. «Гэта галоўная прычына, чаму Лукашэнка не асмеліўся адправіць беларускае войска на тэрыторыю Украіны», — сказала Пінчук.

29 гадоў дыктатура Лукашэнкі знішчае свабоду беларусаў і самую беларускую ідэнтычнасць, з 2020 году гэтае знішчэнне набыло выразныя рысы вайны з беларускім народам, падкрэсліла яна.

«Удзельнікаў мірнага пратэсту адкрыта забівалі на вуліцах, а цяпер даводзяць да смерці палітычных вязняў у турмах. Палітычных вязняў у нас паводле падлікаў праваабаронцаў вядома паўтары тысячы, але папраўдзе іх больш, дзясяткі, а можа ўжо і сотні тысяч пацярпелі ад рэпрэсіяў, найбольш адукаваных, у самым працавітым узросце, найбольш свабодалюбных людзей выціскаюць з краіны, пазбаўляючы яе будучыні. Так Беларусь робяць тэрыторыяй без народу, плацдармам для наступных чужых агрэсіўных планаў», – адзначыла Наталля Пінчук.