Палітзняволенага рок-музыку Ігара Банцэра з «хіміі» пераводзяць у калонію



Рашэнне аб пераводзе прыняў суд Чыгуначнага раёну Віцебску 29 верасня. Банцэру прысудзілі 1 месяц і 25 дзён калоніі агульнага рэжыму.

Суд быў выязны, праходзіў у будынку папраўчай установы адкрытага тыпу нумар 9 Віцебска, дзе Банцэр адбывае пакаранне з 17 чэрвеня. Паседжанне праходзіла фактычна ў закрытым рэжыме.

Справу разглядаў суддзя Алексіенка, пракурор — Краўцоў.

Суд вырашыў змяніць яму рэжым утрымання на больш жорсткі пасля некалькіх парушэнняў, якія былі ў Банцэра на «хіміі», прыкладам, што ён быў непаголены або спазніўся на некалькі хвілін на адбой.

Банцэра ўзялі пад варту адразу пасля абвяшчэння рашэння. Першы час ён правядзе ў СІЗА Віцебску, потым яго накіруюць у калонію.

Банцэр меўся б выйсьці на волю ў лютым 2022 году, калі б заставаўся на «хіміі». Банцэр адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні, каб «не здрадзіць самому сабе». Ён падкрэсліваў, што неаднаразова меў магчымасць выехаць з краіны, калі яго папярэджвалі, што яго пасадзяць, аднак абраў застацца на радзіме.

За апошні год ён двойчы доўга галадаў. Першы раз у сакавіку, калі сядзеў у горадзенскай турме падчас суду, 16 дзён без ежы і вады. Другі раз 19 дзён «на халоднай турэмнай вадзе з-пад крана», калі сядзеў у штрафным ізалятары на «хіміі». Ён моцна падарваў здароўе, у яго кепска працуе страўнік, ён значна саслабеў фізічна, хаця год таму быў у добрай спартовай форме.

Музыкант адзначыў, што трэцюю галадоўку ў турме ён ужо не перажыве, аднак не можа гарантаваць, што яе не будзе.

«Я не планую галадаваць у трэці раз, як я не планаваў і папярэднія галадоўкі. Аднак калі трэба адстойваць свае правы, абараняць сваю годнасць, гэта фактычна адзіны спосаб. Яшчэ можна „ўскрывацца“ (рэзаць вены. — РС), але я супраць суіцыдаў», — зазначыў рок-музыкант.

nashaniva.com