Палітзняволенага журналіста Аляксандра Манцэвіча пачнуць судзіць 27 верасня



65-гадовы Аляксандр Манцэвіч — галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты», вядучага незалежнага СМІ Маладэчна і рэгіёна. Ён неаднаразовы пераможца журналісцкіх конкурсаў і прэмій за высокія стандарты працы.

Аляксандр быў затрыманы 15 сакавіка пасля ператрусу ў ягоным доме. Манцэвіча абвінавачваюць паводле арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, Аляксандр, з’яўляючыся дырэктарам рэдакцыі газеты, сумесна з іншымі асобамі з 1 студзеня 2020 года па 15 сакавіка 2023 года распаўсюджваў у друкаваным выданні і яго інтэрнет-рэсурсах заведама ілжывыя звесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады.

Суд над ім распачнецца ў Маладэчне 27 верасня. Справу будзе разглядаць суддзя Аляксей Іршын.

Падтрымаць Аляксандра: Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Аляксандр Барысавіч Манцэвіч.

вясна