Палітзняволенага журналіста Паўла Мажэйку этапавалі ў калонію
Палітзняволенага гарадзенскага журналіста Паўла Мажэйку этапавалі з СІЗА ў папраўчую калонію ўзмоцненага рэжыму. Якую — пакуль невядома, як і тэрмін, колькі будзе доўжыцца этап, расказала яго жонка Ірына Чарняўка. Сваякі будуць чакаць ад Паўла ліст, калі ён ужо прыбудзе на месца.
Як нагадвае БАЖ, Паўла Мажэйку затрымалі 30 жніўня 2022 года ў Гародні па вяртанні ў Беларусь з Польшчы. Разам з адвакаткай Юліяй Юргілевіч яго асудзілі да зняволення па абвінавачанні ў «спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці». Абодвух Гарадзенскі абласны суд прыгаварыў да 6 гадоў зняволення. Паводле следства, Юлія расказала ў тэлефоннай гутарцы Паўлу пра сваё звальненне з адвакатуры і пра прысуд мастаку Алесю Пушкіну, а Павел нібыта перадаў гэтую інфармацыю тэлеканалу «Белсат».
Спосаб, час і датычных да гэтага іншых асоб следства не высветліла. Фігуранты справы сваёй віны не прызналі.