Палітзняволенай Ірыне Злобінай выстаўленае абвінавачанне



 Ірыне Злобінай, затрыманай разам з журналістам Андрэем Аляксандравым, выстаўленае абвінавачанне.

Як паведаміла БелаПАН яе сястра Іна Злобіна, Ірына застанецца ў СІЗА на Валадарскага да 12 сакавіка.

Па якім артыкуле ёй выстаўленае абвінавачанне, Іна паведаміць не змагла з-за падпіскі аб невыдаванні ў адваката. Аднак, як паведаміў 15 студзеня намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч, выступленне якога размешчанае на youtube-канале МУС, у дачыненні да Ірыны Злобінай і Андрэя Аляксандрава распачатая справа паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Яны падазраюцца ў фінансаванні пратэстнай дзейнасці.

Сястра таксама паведаміла, што Ірына адчувае сябе нармальна.

Раней сёння абвінавачанне было выстаўленае і Аляксандраву. Адвакат таксама не змагла назваць артыкул абвінавачання, паколькі знаходзіцца пад падпіскай аб невыдаванні.

Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна былі затрыманыя 12 студзеня па падазрэнні ў фінансаванні пратэстнай дзейнасці — у прыватнасці ў тым, што аплачвалі штрафы затрыманых падчас акцый людзей, кампенсавалі кошт іх утрымання ў ЦІП і ізалятарах. Паводле інфармацыі МУС, неабходныя для гэтага сродкі яны атрымлівалі з-за мяжы.

14 студзеня ў офісе БелаПАН, дзе Аляксандраў працаваў намеснікам дырэктара ў 2014—2018 гадах, прайшоў трохгадзінны вобшук у рамках расследавання справы, распачатай у дачыненні да яго па артыкуле 342 КК. Канфіскаваныя рукапісныя запісы, фінансавая дакументацыя, каля дзесяці жорсткіх дыскаў працоўных камп’ютараў, жорсткі дыск сервера лакальнай сеткі, два нэтбукі, візітныя карткі.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі абвясцілі Аляксандрава і Злобіну палівязнямі. Як падкрэслілі праваабаронцы, збор добраахвотных ахвяраванняў грамадзян, а таксама прадстаўнікоў беларускай замежнай дыяспары і дапамога ў аплаце штрафаў не маюць нічога агульнага з фінансаваннем якой бы там ні было супрацьпраўнай дзейнасці і, адпаведна, не з’яўляюцца злачынствам.

belapan.by

Фота з фэйсбука Ірыны Злобінай