Палітзняволенай Вользе Маёравай пагражае 25 гадоў ці пажыццёвае зняволенне



У лісце да сына палітзняволеная Вольга Маёрава напісала, што яе цяпер абвінавачваюць па 3 частцы артыкула 289 Крымінальнага кодэкса (тэрарызм). Раней яе абвінавачвалі па 2 частцы, якая прадугледжвала больш мяккае пакаранне. Ліст сыну Маёрава напісала 25 снежня і ў ім адзначыла:

«Наконт прысуду я моцна не пераймаюся. З маім ціскам не прынцыпова — 3 гады ці 20. Але пры існуючай традыцыі даваць мінімум пры невінаватасці, канечне, мяркую 8 гадоў (гл. арт. 289, ч.3 КК РБ, ад 8 да 25 гадоў). Далей рабіць прагнозы сэнсу няма. Хаця ёсць шмат дзіўных рэчаў.  Таму будзем чакаць, што пакажа жыццё».

Палітзняволеная напісала, што суд над ёй будзе праходзіць у Гародні, дзе яна зараз знаходзіцца.

Грамадскую актывістку затрымалі 4 студзеня 2021 года ў сваім доме ў вёсцы Нача Крупскага раёна па «справе Мікалая Аўтуховіча». У доме быў праведзены ператрус, у выніку якога супрацоўнікі КДБ забралі з дома тэхніку.

Фота: novychas.online