Палітзняволенаму блогеру Аляксандру Кабанаву плануюць узмацніць рэжым
У 20-х чыслах кастрычніка Аляксандру змянілі рэжым, перавялі яго ў памяшканне камернага тыпу на шэсць месяцаў. Нібыта ён сістэматычна парушаў рэжым утрымання. На гэты час яму адменены пасылкі, званкі, спатканні. Ёсць верагоднасць, што яго могуць перавесці ў крытую турму.
Блогер з Берасця Аляксандр Кабанаў быў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі па ч. 1 арт. 342 і арт. 369 Крымінальнага кодэкса, з 9 жніўня бягучага года знаходзіцца ў ПК-1 г. Наваполацка. З моманту пераводу ў калонію да родных дайшлі адзінкавыя лісты, з якіх стала вядома, што палітвязень амаль месяц правёў у ШІЗА.
З 19 верасня Кабанава перавялі ў атрад, ён пачаў працаваць, ліставанне з роднымі наладзілася, аднак ад сяброў, знаёмых і незнаёмых людзей карэспандэнцыя перастала даходзіць, паведамляе Аб’яднанная грамадзянская партыя. А напрыканцы кастрычніка стала вядома, што Аляксандра пакаралі шасцю месяцамі ПКТ за «сістэматычныя парушэнні правілаў утрымання». У гэты перыяд яму забаронена атрымліваць пасылкі, мець званкі і спатканні з роднымі.
Палітвязень не выключае, што яго могуць перавесці на турэмны рэжым. Пра гэта ён напісаў у лісце:
«Усім прывітанне!Ёсць час напісаць ліст… Пачну з не самага прыемнага. За злоснае парушэнне рэжыму атрымаў спагнанне — 6 месяцаў ПКТ. Што гэта такое. Памяшканне камернага тыпу, ну амаль як сядзеў у СІЗА, гэта значыць у камеры. І падобна да НГ будзе суд, і мяне перавядуць на іншы рэжым — турэмны. Альбо ў Магілёў, альбо ў Жодзіна. Перадач больш не будзе амаль да канца тэрміну, спатканняў таксама, па званках не ведаю. Атаваркі ў мяне няма. Ну неяк так…»
Аляксандр Кабанаў не можа здзяйсняць пакупкі ў турэмнай краме, бо ўсе грошы, якія адпраўляюць яму на рахунак, АПВ (аддзел прымусовага выканання) адбірае ў лік пагашэння штрафаў, якія былі ў Кабанава раней за адміністрацыйныя парушэнні. Таксама з яго збіраюцца вылічваць за маральную шкоду па крымінальнай справе. Сума складае 1500 рублёў, яе трэба выплаціць салідарна з блогерам Сяргеем Пятрухіным, з якім яны разам праходзілі па справе.
Падтрымайце Аляксандра лістамі і паштоўкамі па адрасе:ПК-1 (ПКТ), 211445, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, Кабанаву Аляксандру Аляксандравічу