Палітзняволеная Марфа Рабкова зноў страчвала прытомнасць



Палітзняволеная праваабаронца “Вясны” Марфа Рабкова зноў страчвала прытомнасць. Першы раз такая інфармацыя была месяц таму — тады, у канцы чэрвеня, з-за анамальнай спёкі Марфа страчвала прытомнасць у камеры.

Пра цяперашні інцыдэнт паведамляе Ева Бардзілоўская:

– Марфа Рабкова страціла прытомнасць падчас шпацыру ў СІЗА-1, там яна знаходзіцца з 17 верасня 2020 года. Вядома, што лекар памераў Марфе артэрыяльны ціск — ён склаў 80 на 60, а гэта, згодна з дадзенымі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, з’яўляецца гіпатаніяй (паніжаным артэрыяльным ціскам). Усё гэта здарылася 25 ліпеня.

Марфа Рабкова адчувае слабасць і знаходзіцца на пасцельным рэжыме ў сваёй камеры. Таксама яна ўжо два месяцы мае патрэбу ў стаматолагу, але ёй у гэтым адмаўляюць.

Марфа Рабкова абвінавачваецца па трох артыкулах крымінальнага кодэкса, па якіх ёй пагражае да 12 год зняволення.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” заклікае падтрымаць іх калегу лістамі салідарнасці:

Адрас: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Менск, 220030

Марыі Аляксандраўне Рабковай

Беларускае Радыё Рацыя